04.05.2021
Свята "Вялікдзень"

Вялікдзень, Вялікдзень —

Цудоўнейшы дзень!

Як сонейка ўзыдзе,

Адступіцца цень!

Хто ў нядолі,

Хто ў бядзе —

Сонейка да тых ідзе,

Бо шануе нас усіх,

Як дзяцей сваіх.

Вялікдзень, Вялікдзень —

Цудоўнейшы дзень!

                                                                                      А. Вольскі

Чацвёртага мая для выхаванцаў старшай групы №1 музычным кіраўніком было праведзена свята "Вялікдзень". Вялікдзень — самае значнае і прыгожае свята ў славянскіх народаў, свята сонца, адраджэння прыроды, надыходу цяпла і больш працяглага дня.

 

    

  Вялікдзень - вялікае гадавое веснавое свята. Ім некалі адкрываўся новы каляндарны год.  

    3 прыняццем хрысціянства гэтае свята атрымала духоўны сэнс і ачышчальную моц, з’яўляецца выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысціянскіх святаў. Падрыхтаваўшыся духоўна Вялікім сямітыднёвым постам, на перадвялікодным Белым тыдні пачынаюць рыхтавацца да правядзеньня святочных дзён. У Чысты Чацвер чысцяць і прыбіраюць хату і двор. У Вялікую Суботу, напапярэдадні Вялікадня, гатуецца, варыцца, смажыцца мноства розных страваў. Пякуцца пірагі, фарбуюцца ў розныя колеры і распісваюцца ўзорамі курыныя яйкі (пісанкі). Увечары гэтага ж дня прыбіраюцца ў святочную вопратку, бяруць з сабой падрыхтаваную для асвячэння "пасху", ідуць у царкву на ўсяночную службу.

  Пасля Літургіі святкаванне працягваецца дома. Любімая гульня ў моладзі — біткі. Стукаюцца святочнымі яйкамі, і пераможцам аказваецца той, у каго яно застаецца цэлае.

  У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраныя валачобныя абыходы, падчас якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі валачобныя песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівае долі, велічалі гаспадароў і руплівую працу.

   У вялікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, карагоды і памінанне памерлых родзічаў - веснавыя дзяды Радаўніца.

   Гэтае свята не мае пэўнай, пастаяннай прымеркаванасці ў народным календары: у залежнасці ад месячнага календара яно прыпадае на час ад 4 красавіка да 8 мая.

  Урачыстасць Вялікадня тлумачыцца і яго рэлігійным зместам. У адпаведнасці з хрысціянскімі ўяўленнямі, гэтае свята праслаўляе цудадзейнае ўваскрасенне Ісуса Хрыста, які быў пакараны распяццем на крыжы. 

   Гэтай падзеі – цудоўнаму вяртанню да жыцця Ісуса Хрыста – і прысвечаны разнастайныя хрысціянскія звычаі і абрады на Вялікдзень. Не выпадкова, што і вітацца ў гэты дзень прынята словамі: “Хрыстос уваскрэс!”

  Пасля асвячэння пасхі ў царкве кожны гаспадар імкнуўся як мага хутчэй бегчы з ёю дадому. Гэты звычай быў заснаваны на народным павер’і: хто першы прыбяжыць з пасхаю дамоў, у таго будзе лепшы ўраджай, і той гаспадар першы скончыць палявыя работы. Абрус, на якім стаялі велікодныя стравы, захоўваўся ў недатыкальнасці на працягу ўсяго года: ен, згодна з народнымі вераваннямі, ахоўвае ад граду, і таму пры з’яўленні градавых хмар гэты абрус расцілалі на двары.

  У цэнтры велікоднай абраднасці знаходзіцца яе своеасаблівы сімвал – пафарбаванае яйка. Паводле хрысціянскіх уяўленняў, велікоднае яйка сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, а яго чырвоны колер нагадвае аб крыві Хрыста, якая была праліта дзеля выратавання людзей. Асвечанае ў царкве яйка елі першым пасля вяртання з усяночнай службы, пачынаючы святочнае застолле.

   У першы дзень Вялікадня лічылася неабходным мыцца вадою, у якую пакладзены залатыя і срэбныя рэчы, а таксама чырвонае велікоднае яйка, каб увесь год быць багатым, чыстым і прыгожым, як яйка. Маці гладзілі чырвоным яйкам, якое вымалі з вады, на твары сваіх дзяцей, каб яны былі заўседы румянымі і чырванашчокімі. Фарбаваныя велікодныя яйкі і зараз дараць родным і знаемым. Абмен такімі яйкамі-падарункамі паміж хлопцамі і дзяўчатамі азначае іх прызнанне ва ўзаемным каханні. Важнае значэнне мела велікоднае яйка, атрыманае ў каго-небудзь першым: верылі, што яно не псуецца на працягу ўсяго года і мае цудадзейную сілу. Велікодныя яйкі клалі ў зерне, прызначанае для сяўбы.