13.01.2021
Свята з элементамі фальклору "Калядкі"

13.01.2021 года ў дзяржаўнай установе адукацыі прайшло свята  з элементамі фальклору "Калядкі" для выхаванцаў сярэдніх груп "Весёлые ребята", "Смешарики" і старшай групы "Крепыши".

Прыйшла Каляда,

Дзверы адчыняйце!

Калядоўшчыкаў у хату

Шчыра запрашайце!

         

Перад Новым годам да нас прыходзіць свята, якое мае назву Каляды. Гэта беларускае  традыцыйна-абрадавае свята ладзіцца ў гонар Сонца. Для земляроба час з кастрычнiка да снежня — перыяд замiрання прыроды. Ён верыў, што ў гэты час уладарання сцюжы, холаду, мяцелiцы,  адбываецца барацьба дабра з ліхам, святла з цемраю. А з дня зiмовага сонцапавароту — «адраджэння» Сонца — пачынаецца новы год, якi абяцае прыход цяпла i святла, абуджэнне пладаноснай сiлы зямлi.

Дарослыя гаварылi дзецям перад Калядамi: «Дзецi, дзецi! Бачыце — сонейка нiзка, Каляда блiзка, хутка прыедзе на сiвым канi».

Дзецi пыталiся: «А дзе зараз Каляда?»

 — «Зусiм блiзка, за лесам», — адказвалi дарослыя.

На Каляды ладзяцца розныя забавы i гульні. І ў нашы дні убраныя дарослыя і дзецi ходзяць па дварах і пры дапамозе кароткiх песень- калядак - жадаюць гаспадарам шчасця і працвітання ў новым годзе.

Кіраўнік калядоўшчыкаў - Зорканоша. Гэта чалавек, які ідзе першым і нясе зорку. Зорка мае 5, 8 ці 16 промняў, якiя заканчваюцца пампонамi з рознакаляровай паперы.. Яе папросту можна выразаць з шчыльнага кардона і ўпрыгожыць бліскаўкамі або бітымі ёлачнымі цацкамі. Ёсць варыянт паскладаней: зорка з дроту, якую потым абмотваюць каляровымі стужачкамі.

Адна з галоўных дзейных асоб — Каза. У старажытнасцi яна шанавалася за здольнасцi паляпшаць ураджай.

Дзе каза ходзiць — там жыта родзiць.

Дзе каза хвастом — там жыта кустом.

Дзе каза нагою — там жыта капною.

Дзе каза рогам — там жыта стогам.

Звычайна на Каляды вадзiлi мядзведзя. Ён сiмвалiзуе адвагу, дае здароўе ў хаце малым i старым, а мужчынам — сiлу. Вадзiў мядзведзя павадыр з доўгiм кiем i музыка з бубнам. Ён прымушаў мядзведзя рабiць розныя дзеяннi.

Яшчэ адным  важным калядоўшчыкам з'яўляецца Мехоноша. Яму прыходзілася насіць усё тое, што гаспадары дамоў накідаюць калядоўшчыкам: цукеркі, печыва, грошы і г.д. Менавіта накідаюць, так як калядоўшчыкі не павінны браць нічога з рук – усе  падарункі гаспадары павінны класці проста ў мех. Мяшок можна зрабіць з шчыльнай яркай тканіны і ўпрыгожыць. Ўпрыгожваннi  могуць быць як вышытыя, так і намаляваныя. Гэта можа быць сонца, зоркі, месяц, так як у даўніну гэтае свята сімвалізаваў пераход ад ночы да дня і ад зімы да лета.

Ну і самае галоўнае - вывучыце калядкі і калядныя песні разам з дзеткамі.

Прыйшлі мы да вас

З Козачкай рагатай,

Хай будзе  ўвесь час

Ураджай багаты!

***

Вой, Каза, мая Каза,

Паскачы па хаце!

Трэба болей каўбасы

Накалядаваці!

***

А з намі – мядзведзь,

Мішка касалапы.

Танчыць вальс – кульгець, кульгець –

Аж трасецца хата!

***

Гаспадыня, гаспадар,

Не скупіцеся,

З калядоўшчыкамі салам

Падзяліцеся!

***

На двары мяце завея,

Сцеле чыста-гладка,

Мы спяваем як умеем,

Дайце нам аладкі!

***

Жывіце заўжды

Ў ладзе дый раскошы,

А нам, маладым,

Не шкадуйце грошы!

***

Не скупіся, гаспадыня,

Не скупіся, гаспадар!

Каб за вашую дзяўчыну

Сватаўся замежны цар!

***

Вой, нешта мяшок

Поўны не да верха!

Будзе вам ва ўсім удача,

Як дасцё цукерку!

***

Мы па вуліцы хадзілі, танчылі, спявалі.

Ўсіх суседзяў весялілі – так калядавалі!

Абышлі ўсе двары, і, напэўна, годзе!

Завітаем да вас у наступным годзе!

Вялікую радасць на вуліцы, у хаты

Прынеслі Каляды – зімовыя святы.

Прынеслі забавы, і жарты, і песні,

Загадкі, і гульні, і танцы і песні.

Не спі, пані скрыпка, і бубен прачніся

Калядныя святы ў нас пачаліся.

Госця-Каляда.

Ходзіць з хаты ў хату госця-Каляда.

Як каза рагатая з лёну барада.

Мы адны вячэраць селі ў добры час.

Ой, і ў нашы дзверы стукае якраз.

Зябка на марозе, адчыняць пайду.

І за стол запросім госцю-Каляду.