15.03.2019
25 год Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

15 сакавіка спаўняецца 25 год асноўнаму закону краіны – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Яна была прынята 15 сакавіка 1994 года на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета і з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай па ліку Канстытуцыяй Беларусі, што дзейнічала пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь вызначае і замацоўвае грамадскі і дзяржаўны лад, прававое становішча асобы, парадак фарміравання і кампетэнцыю органаў дзяржаўнай улады, прынцыпы яе ўзаемадзеяння з грамадствам і грамадзянамі. У ёй сфармуляваны прынцыпы падзелу ўлад, палітычнага плюралізму, а таксама прапісаны асноўныя прынцыпы выбарчай сістэмы.

Канстытуцыя ўвабрала ў сябе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, азнаменавала новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці нашай краіны. Яна засноўваецца на неад’емным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб’ектам сусветнай грамадскасці.

Канстытуцыя стала не толькі адлюстраваннем палітычных і сацыяльна-эканамічных перамен, але і дакументам, які на дзесяцігоддзі ўперад вызначыў вектар развіцця нацыянальнай дзяржаўнасці і здзяйснення дэмакратычных інстытутаў.

Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, годнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы. А захоўваць Асноўны Закон краіны і ўмацоўваць дзяржаўнасць з’яўляецца патрыятычным абавязкам кожнага з нас.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26.03.1998 г. Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устаноўлены як дзяржаўнае свята.